🚩 20 жніўня 1742 года у маёнтку Грушаўка (сёння 🏯 Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці) нарадзіўся патрыёт сваёй Радзімы Тадэвуш Рэйтан. Праславілі Тадэвуша яго ўчынак і паводзіны як дэпутата на Сойме Рэчы Паспалітай ад Новагародскага ваяводства ВКЛ у 1773 годзе. На адным з паседжанняў Рэйтан, дамагаючыся ад паслоў рашэння не галасаваць за маршалка прарасійскай канфедэрацыі і не выпускаючы іх з залы паседжанняў, лёг крыжам перад выхадам і закрычаў: «Тапчыце мяне, не тапчыце дзяржаву!» На жаль, кароль Станіслаў Аўгуст пад пагрозай расійскага пасла ўвесці войскі ў Варшаву і дашчэнту разбіць горад і яго наваколле, быў вымушаны, як і большасць паслоў, далучыцца да расейскай канфедэрацыі. У далейшай працы сойма Рэйтан не прымаў удзелу. Апошнія гады свайго жыцця правёў у радавым маёнтку Грушаўцы пад Ляхавічамі, дзе памёр у 1780 годзе. Быў пахаваны ў ляхавіцкім касцёле. У 1930 годзе польская камісія шукала месца спачынку Рэйтана, але магіла патрыёта да гэтага часу не знойдзеная.