🪶Сёння б магло споўніцца 80 год пісьменніку і ўраджэнцу Брэстчыны — Віктару Гардзею. Віктар Гардзей нарадзіўся 19 жніўня 1946 года ў вёсцы Малыя Круговічы, якая сёння ўваходзіць у склад 🐧 Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У маладосці ён працаваў у раённых газетах «Будаўнік камунізму» (Ляхавічы) і «Савецкае Палессе» (Ганцавічы). У 1984 годзе завочна скончыў факультэт журналістыкі БДУ. З 1983 года жыў у Мінску, дзе працаваў у рэдакцыях часопісаў «Беларусь», «Родная прырода», «Маладосць», «Полымя» і «Вожык». У часопісе «Маладосць» быў намеснікам галоўнага рэдактара. Да 2010 года працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», а ў 2010—2015 гадах — загадчыкам аддзела прозы і паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва». Літаратурную працу Віктар Гардзей пачаў у 1963 годзе. Ён быў аўтарам шматлікіх зборнікаў паэзіі для дарослых і дзяцей. Віктар Гардзей з 1979 года быў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа і літаратурнай прэміі «Залаты купідон». У яго роднай вёсцы Малыя Круговічы да 50-годдзя пісьменніка імем Віктара Гардзея назвалі вуліцу, на якой ён нарадзіўся і жыў, а ў 2017 годзе на месцы яго дома паставілі памятны знак. Памёр 23 студзеня 2025 года. «Калісьці працавалі разам, і Гардзей, даведаўшыся, што я люблю Стральцова, падарыў мне рукапіс стральцоўскага эсэ „Рэцэнзія на чатырохрадкоўе“. Не ведаю, чаму. Можа, палічыў, што так лепей захаваецца. А яно і ляжыць, узяў з сабой у Літву нават. Надта дарагі мне той нечаканы падарунак. Ад чалавека з добрым сэрцам», — напісаў у фэйсбуку літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч, даведаўшыся пра смерць пісьменніка.