🎨 17 жніўня 2019 года не стала ўкраінскага мастака, ураджэнца Брэстчыны Эдуарда Ніканорава. Нарадзіўся 15 красавіка 1951 года ў 🚂Баранавічах. У 1953 годзе яго сям’я пераехала ў Краснадар, дзе будучы мастак вучыўся ў мастацкім вучылішчы на дэкаратыўна-афарміцельскім аддзяленні. У 1978 годзе паступіў у Кіеўскі дзяржаўны мастацкі інстытут, дзе займаўся ў майстэрні манументальнага жывапісу прафесара Мікалая Старажэнкі. Пасля заканчэння інстытута ў 1985 годзе пераехаў у Івана-Франкоўск і працаваў мастаком-манументалістам. Адначасова займаўся станковым жывапісам, удзельнічаў у рэспубліканскіх і ўсесаюзных выставах. У 1987 годзе карціну Ніканорава «Развітанне» набыло Міністэрства культуры Украіны. Яшчэ чатыры яго творы ўвайшлі ў калекцыю Івана-Франкоўскага мастацкага музея. З 1988 года мастак быў членам Саюза мастакоў СССР, а з 1991-га — Нацыянальнага саюза мастакоў Украіны. У 1995 годзе Эдуард Ніканораў пераехаў у Прагу, дзе выстаўляўся ў мясцовых галерэях і ўдзельнічаў у еўрапейскіх арт-фестывалях. Дзве яго карціны ў гэты перыяд набыла Івана Трамп. З 2001 года творы мастака дэманстраваліся на выставах у ЗША. У 2010 годзе Ніканораў вярнуўся ў Івана-Франкоўск. За наступныя гады адбыліся дзесяць яго персанальных выстаў — сем ва Украіне і тры ў Польшчы. Мастак працаваў у стылі мадэрн з элементамі сімвалічнага экспрэсіянізму. Большасць яго твораў сёння знаходзіцца ў прыватных калекцыях розных краін свету.