🇮🇱 16 жніўня 1913 года ў 🏹 Брэсце нарадзіўся будучы сёмы прэм’ер-міністр Ізраіля і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Менахем Бегін. Ён з’явіўся на свет у сям’і сакратара Брэст-літоўскай габрэйскай грамады, аднаго з першых у горадзе прыхільнікаў сіянізму. Вучыўся ў габрэйскай рэлігійнай школе, потым у дзяржаўнай гімназіі, а ў 1935 годзе скончыў юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта са ступенню магістра права. Падчас набліжэння немцаў да Варшавы Бегін пераехаў у Вільню. 20 верасня 1940 года яго арыштаваў НКУС і змясціў у Лукішскую турму. На судзе яго абвінавачвалі ў тым, што ён «агент брытанскага імперыялізму», і пагражалі пакараннем паводле 58-га артыкула КК РСФСР. У выніку Бегін быў асуджаны на восем гадоў зняволення як «сацыяльна небяспечны элемент». Пазней ён апісаў гэты досвед у сваіх успамінах. У 1941 годзе, як польскі падданы, ён быў вызвалены і далучыўся да войска Андэрса, разам з якім у 1942 годзе апынуўся ў Палестыне. Там Бегін стаў адным з актыўных змагароў за незалежнасць Ізраіля. У 1973 годзе ён узначаліў правы блок «Лікуд», а пасля яго перамогі на выбарах 1977 года сфарміраваў першы ў гісторыі краіны правацэнтрысцкі ўрад. Пад яго кіраўніцтвам адбылася лібералізацыя эканомікі і было падпісана мірнае пагадненне з Егіптам. У той жа час ізраільскае ўварванне ў Ліван прывяло да глыбокага расколу ў грамадстве і ў выніку да яго адстаўкі. Апошнія гады Бегін правёў у Іерусаліме і Тэль-Авіве, цалкам адышоўшы ад публічнай дзейнасці. Памёр ён у Ізраілі і быў пахаваны на Алейнай гары ў Іерусаліме. Пахаванне не мела афіцыйнага характару, але сабрала тысячы людзей. У 2005 годзе ў Брэсце на вуліцы Куйбышава з’явілася мемарыяльная дошка ў гонар Бегіна, а 31 кастрычніка 2013 года адкрыты помнік з надпісамі на беларускай, англійскай мовах і іўрыце.