Заблакаваныя рахункі беларусаў ва Украіне: Місія ўдакладняе, для каго праблема застаецца нявырашанай Місія дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне паўторна звязваецца з беларусамі, якія раней звярталіся з пытаннямі заблакаваных банкаўскіх рахункаў. На сёння апрацавана амаль 300 кантактаў. З 2022 года ў многіх маглі змяніцца дакументы, грамадзянства ці месца жыхарства. Таму каманда ўдакладняе: — ці застаецца рахунак заблакаваным; — у якой краіне цяпер знаходзіцца чалавек; — ці захавалася беларускае грамадзянства або было атрымана іншае; — ці дзейнічае пашпарт, на які адкрываўся рахунак; — якія іншыя абставіны змяніліся. Гэтыя звесткі дапамогуць зразумець, колькі выпадкаў застаюцца нявырашанымі і якія з іх патрабуюць асобнага падыходу, каб далей абмяркоўваць з украінскім бокам магчымыя шляхі вырашэння праблемы. Калі вы атрымалі ліст або паведамленне ад імя Місіі наконт заблакаванага рахунка, гэта частка гэтай працы. Каб праверыць, ці сапраўды з вамі звязалася каманда Місіі, можна звярнуцца ў Офіс Святланы Ціханоўскай па пацвярджэнне. Калі ласка, адкажыце, нават калі пытанне ўжо вырашана або страціла для вас актуальнасць. Гэта дапаможа камандзе засяродзіцца на выпадках, дзе дапамога ўсё яшчэ патрэбная.