«Беларусь — яскравы прыклад таго, наколькі цесна звязаныя дэмакратыя і бяспека» Святлана Ціханоўская выступіла на круглым стале «Беларусь: поўнамаштабная мілітарызацыя» ў межах Варшаўскага форуму па бяспецы. Дыскусію арганізавалі ў партнёрстве з Германскім фондам Маршала (GMF) і BELPOL. У мерапрыемстве бяруць удзел каля 40 гасцей, сярод якіх эксперты ў сферы міжнароднай і еўрапейскай бяспекі. Лідарка адзначыла, што мілітарызацыя Беларусі і паглыбленне яе інтэграцыі ў расійскую вайсковую сістэму ствараюць пагрозу для ўсёй Еўропы: «Пры любым сцэнарыі Беларусь будзе ў цэнтры ўвагі. Менавіта таму я звяртаюся да ўсіх экспертаў і партнёраў, якія сёння знаходзяцца ў гэтай зале, з просьбай дапамагчы нам вярнуць Беларусь у парадак дня еўрапейскай бяспекі». Таксама яна заклікала захоўваць санкцыі супраць рэжыму і яго ваенна-прамысловага сектара, закрываць магчымасці абыходу абмежаванняў, забяспечваць адказнасць вінаватых і падтрымліваць беларускае грамадства. Падчас выступу Святлана Ціханоўская звярнула ўвагу на новую справаздачу BELPOL, якая раскрывае маштабы вайсковага супрацоўніцтва Мінска і Масквы, і падзякавала камандзе за збор доказаў. Справаздача ахоплівае чатыры асноўныя кірункі: 1. Мілітарызацыя грамадства — уцягванне грамадзян, у тым ліку дзяцей і моладзі, у ваенна-патрыятычнае выхаванне, фармаванне мабілізацыйнага рэзерву і распаўсюджванне расійскай вайсковай прапаганды. 2. Вайсковая інфраструктура і лагістыка — развіццё вайсковых аб’ектаў, прыстасаванне беларускай чыгуначнай сістэмы да вайсковых перавозак і выкарыстанне грамадзянскай інфраструктуры ў вайсковых мэтах. 3. Мілітарызацыя эканомікі і навукі — пашырэнне абароннай вытворчасці, пастаўкі прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў расійскаму ваенна-прамысловаму комплексу і ўдзел навуковых устаноў у вайсковых распрацоўках. 4. Заканадаўства і вайсковы суверэнітэт — змены ў прававой сістэме і паглыбленне вайскова-палітычнай інтэграцыі з Расіяй. Прамова цалкам. Справаздача BELPOL па мілітарызацыі Беларусі.